вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.